Беларусь – Украіна: пераадольваючы посткаланіяльны сіндром
Беларуска-ўкраінскія адносіны з’яўляюцца тыповым прыкладам гарызантальных посткаланіяльных адносін дзвюх былых рэспублік СССР. І Беларусь, і Украіна адносяцца да катэгорыі постсавецкіх дзяржаў, хоць Украіна дабілася вялікіх поспехаў у рэфармаванні палітычнага і эканамічнага ладу. Іх узаемаадносіны істотна ўскладняюцца наяўнасцю „старэйшага брата“ — Расіі. Безумоўна, важным фактарам з’яўляецца расійска-украінская вайна, у якой рэжым Лукашэнкі ў Беларусі выступае ў якасці суагрэсара.