Гадавыя падатковыя дэкларацыі фізічных асоб у Польшчы: PIT (Personal Income Tax)

Падатковыя рэзідэнты Польшчы абавязаны дэклараваць свае даходы, атрыманыя за каляндарны год.

Хто лічыцца падатковым рэзідэнтам Польшчы

Падатковым рэзідэнтам Польшчы лічыцца чалавек, які:

  • знаходзіўся ў Польшчы больш за 183 дні ў годзе, або
  • Польшча з’яўляецца цэнтрам жыццёвых і эканамічных інтарэсаў (праца, сям’я, бізнес).

Рэзідэнты Польшчы абавязаны дэклараваць усе даходы — як польскія, так і замежныя.

Што такое PIT

PIT (Personal Income Tax) — гэта гадавая падатковая дэкларацыя фізічнай асобы ў Польшчы. У ёй указваюцца ўсе даходы, атрыманыя за каляндарны год, і падлічваецца канчатковая сума падатку:

  • калі была пераплата — падатак вяртаюць;
  • калі недаплата — трэба даплаціць.

Якія даходы паказваюцца ў гадавым PIT

У гадавым PIT паказваюцца ўсе падаткаабкладаемыя даходы, у тым ліку:

  • зарплата (umowa o pracę);
  • даходы па грамадзянска-прававых дамовах (umowa zlecenia, umowa o dzieło);
  • даход ад прадпрымальніцкай дзейнасці;
  • даход ад нерэгістраванай дзейнасці;
  • даход ад арэнды кватэры / нерухомасці;
  • даходы ад інвестыцый (акцыі, аблігацыі, крыпта, дывідэнды);
  • даходы з-за мяжы (для рэзідэнтаў Польшчы);
  • даходы з іншых крыніц.

Некаторыя выплаты (частка дапамог, сацыяльных выплат) не абкладаюцца падаткам і не ўключаюцца ў PIT. Напрыклад, выплата на дзяцей 800+, на школу 300+, адукацыйныя стыпендыі — не абкладаюцца падаткам і не ўключаюцца ў PIT.

Асноўныя віды дэкларацый PIT

  • PIT-37 — самая распаўсюджаная форма для работнікаў і асоб з дамовамі, калі працадаўца сам утрымліваў падаткі. Большасць людзей падае менавіта PIT-37.
  • PIT-36 — для прадпрымальнікаў; для асоб з даходамі з-за мяжы; пры самастойнай выплаце авансаў; пры арэндзе, аўтарскіх даходах і г.д.
  • PIT-38 — для даходаў ад капіталу: прыбытак / страты ад акцый, інвестыцый, некаторых фінансавых інструментаў. Падаецца асобна, нават калі ёсць PIT-37.
  • PIT-28 — пры некаторых відах дзейнасці (ryczałt).

Дадатак PIT/ZG — калі ёсць даходы з-за мяжы

PIT/ZG падаецца ТОЛЬКІ тады, калі:

  • даход лічыцца атрыманым за мяжой з пункту гледжання падатковага права,
  • і ў дачыненні да яго прымяняецца дамова аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання.

Гэта, як правіла, сітуацыя, калі праца фізічна выконвалася за межамі Польшчы (камандзіроўка, праца ў іншай краіне, рэлакацыя), або даход па сваёй прыродзе «прывязаны» да іншай дзяржавы (напрыклад, нерухомасць, праца ў філіяле за мяжой).

Дыстанцыйная праца, якая фактычна выконваецца на тэрыторыі Польшчы, лічыцца даходам, атрыманым у Польшчы — незалежна ад таго, у якой краіне знаходзіцца заказчык або адкуль паступае аплата. Таму ў такой сітуацыі PIT/ZG не падаецца.

Тэрміны падачы

Падаць гадавую дэкларацыю PIT неабходна да 30 красавіка года, наступнага за справаздачным (напрыклад, за 2025 год — да 30.04.2026).

Падаваць можна з сярэдзіны лютага 2026 года.

Што патрэбна для падачы

  • PIT-11 ад працадаўцы (або іншыя даведкі аб даходах);
  • звесткі пра льготы і вылікі (на дзяцей, за інтэрнэт, на дабрачыннасць…);
  • дакументы пра даходы з-за мяжы (калі ёсць).

Кожны працадаўца ў Польшчы мусіць падаць дэкларацыю PIT-11 ва ўжонд скарбовы работніка (да канца студзеня) і персанальна работніку (да канца лютага).

PIT-11 прадстаўляецца работніку па абсалютна любому тыпу дамовы (umowa o pracę, umowa zlecenia, umowa o dzieło).

Як падаць PIT

Пасля 14 лютага рэзідэнт можа зайсці ў свой кабінет на podatki.gov.pl (Your e-PIT) — самы просты варыянт — і праверыць, ці ўсе атрыманыя даходы ад дамоваў супадаюць з рэальным становішчам. Пасля гэтага можна дадаць льготы (напрыклад, на дзяцей, на інтэрнэт) і зацвердзіць тое, што атрымаецца.

У вялікай колькасці сітуацый паўстае зварот часткі падатку — трэба пазначыць рахунак банка, на які ўжонд скарбовы пералічыць пераплату.

У выпадку недаплаты будуць пазначаны тэрмін і рэквізіты, на якія неабходна даплаціць падатак PIT.

Другі па папулярнасці сэрвіс па разліку гадавых дэкларацый — e-pity. Праз яго таксама можна атрымаць аўтаматычную суму падатку ад працадаўцаў, а таксама запоўніць тое, чаго не хапае, і выслаць дэкларацыю да ўжонда.

Доступ да сэрвісаў

  • У выпадку з podatki.gov.pl: каб увайсці на сайт у свой прыватны падатковы кабінет, неабходна мець альбо Profil Zaufany, альбо ведаць лагін і пароль да свайго электроннага банка.
  • Каб скарыстацца сэрвісам e-pity, дастаткова проста спампаваць аплікацыю, запоўніць усе дадзеныя рукамі і адаслаць у свой ўжонд скарбовы (часцей за ўсё дастаткова PESEL + сума даходу з мінулага года).