Беларуска-украінскі Форум Астрожскіх 2025 адбудзецца ў Львове і Кіеве 11-15 лістапада
Гэта ўжо чацвёртая сустрэча экспертаў, аналітыкаў, палітыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі і Украіны, прысвечаная будучыні беларуска-ўкраінскіх адносін і фармаванню дэмакратычнай і бяспечнай рэгіянальнай прасторы.
Форум – адна з найважнейшых інтэлектуальных пляцовак, якая аб’ядноўвае больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Украіны і іншых еўрапейскіх краін для супольнага бачання рэгіянальнай бяспекі, дэмакратычнага развіцця і супрацоўніцтва, а таксама для аналізу бягучага стану беларуска-ўкраінскіх адносін.
Экспертная частка (11-12 лістапада, Львоў) аб’яднае беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў, аналітыкаў і культурных дзеячаў для размовы пра супрацу ў сферах культуры, медыя, рэлігіі і рэгіянальнай стабільнасці.
У цэнтры ўвагі – сучасны стан беларуска-ўкраінскіх адносін, грамадскія настроі, дэкаланіяльнае вымярэнне культурнай і інфармацыйнай супрацы, роля рэлігіі ў грамадскім жыцці і сумеснае асэнсаванне гістарычнай памяці.
Падчас форума таксама будуць прадстаўлены вынікі даследаванняў у розных сферах беларуска-ўкраінскіх адносін у 2024-2025 гадах, падрыхтаванага аналітыкамі ўдзельных арганізацый.
Экспертная частка ў Львове пройдзе па правілах Chatham House – удзельнікі могуць распаўсюджваць ідэі ды абмеркаванні, але без указання аўтараў цытат.
Палітычная частка (14-15 лістапада, Кіеў) аб’яднае беларускіх і ўкраінскіх палітыкаў, дыпламатаў і экспертаў для адкрытых дыскусій пра будучыню беларуска-ўкраінскіх адносін і ролю Беларусі ў архітэктуры рэгіянальнай бяспекі.
У цэнтры ўвагі – стратэгія Украіны, Беларусі і беларускіх дэмакратычных сілаў у адносінах адзін да аднаго, рэгіянальная бяспека, адказнасць рэжыму Лукашэнкі, роля і месца беларусаў у аднаўленні постваеннай Украіны, моладзевая палітыка, журналісцкія расследаванні.
Палітычная частка будзе адкрытай для публікі і медыя.
13 лістапада будзе арганізаваны трансфер паміж гарадамі для ўдзельнікаў форума.
Форум арганізуюць беларускія і ўкраінскія арганізацыі: Рада знешняй палітыкі “Украінская прызма”, Украінскі каталіцкі ўніверсітэт, Інстытут “Палітычная сфера”, Free Belarus Center, Еўрапейскі дыялог і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі, Konrad Adenauer Stiftung, Friedrich-Ebert-Stiftung (FES).
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся па адрасе [email protected] (тэма ліста: Форум Астрожскіх 2025)

