FBC пачынае цыкл бясплатных групавых тэрапеўтычных анлайн-сустрэч для эмігрантаў і эмігрантак
Ён прысвечаны даследаванню досведу жыцця ў новай краіне праз чатыры важныя лініі: адзінота, рэсурсы і апоры, цялесны досвед і ідэнтычнасць.
Мы будзем глядзець на тое, як пераезд і адаптацыя паўплывалі на нашае пачуццё сувязі з іншымі, на здольнасць абапірацца на сябе, на рэакцыі цела і на ўспрыманне ўласнага «я». Праз размову, практыкаванні і мяккія цялесныя практыкі ўдзельніцы і ўдзельнікі змогуць заўважыць, што з імі адбываецца цяпер, што змянілася ў крызісе і эміграцыі, і якія новыя крокі робяцца магчымымі. Гэта прастора падтрымкі, сумеснага даследавання і беражлівага вяртання да сябе ў новым кантэксце.
З чаго пачнецца цыкл?
Цыкл пачнецца з сустрэчы «Адзінота ў эміграцыі»
Яна прысвечана даследаванню адзіноты ва ўсіх яе адценнях — ад адасаблення і аўтаномнасці да пачуцця ізаляцыі. Мы пагаворым аб тым, якія задачы сёння стаяць перад вамі ў гэтай тэме і які можа быць наступны крок да большага кантакту з сабой і іншымі. Будуць мяккія групавыя практыкаванні і прастора для размовы.
Хто правядзе сустрэчу?
Вядучая — Марта Скугарава, псіхатэрапеўтка з інтэгратыўным і халістычным падыходам. Марта рэгулярна вядзе псіхатэрапеўтычныя групы, якія спецыялізуюцца на падтрымцы людзей, якія перажываюць крызіс эміграцыі і страту дома.
Дзе: анлайн
Калі: 1 снежня а 19:15 (па Варшаве)

