Блогер, стрымер, відэамэйкер у Польшчы: як дэклараваць даходы
Вядзеш канал на YouTube, стрымуеш на Twitch, пішаш блог ці публікуеш відэа на TikTok? Калі ты жывеш у Польшчы і атрымліваеш з гэтага грошы – гэта даход, які трэба задэклараваць. Нават калі блогерства для цябе хобі, а не асноўная праца – даходы з яго ўсё роўна паказваюцца ў гадавой дэкларацыі. Добрая навіна: гэта прасцей, чым здаецца.
Якія даходы лічацца абкладаемымі
Заробак інтэрнэт-творцы можа складацца з розных крыніц. Усе яны – абкладаемы даход:
- Рэклама і манетызацыя платформы – YouTube AdSense, Twitch Partners, TikTok Creator Fund. Прыходам лічыцца фактычна атрыманая сума пасля адлічэння камісіі платформы.
- Субскрыпцыі – Patreon, Twitch Sub, YouTube Membership. Аплата за доступ да кантэнту або падтрымку творцы.
- Данаты – паводле інтэрпрэтацыі Krajowej Informacji Skarbowej ад 9 мая 2024 г. (сігн. 0111-KDIB2-2.4015.34.2024.3.MM), ананімны данат не з’яўляецца падарункам (darowizną) і падлягае абкладанню PIT. Данат ад канкрэтнай асобы, якая назвала сваё поўнае імя, можа быць кваліфікаваны як даравізна, але пры перавышэнні 5733 зл ад адной асобы за 5 гадоў таксама патрабуе дэкларацыі. Таксама з даравізнамі трэба быць асцярожнымі: калі ў вас часовы побыт на тэрыторыі Польшчы, то на вас не распаўсюджваецца дзеянне закона аб даравізнах, і з усіх сум падарункаў трэба плаціць падатак на даходы – PIT.
- Спонсарства і рэкламныя здзелкі – аплата ад брэнда за інтэграцыю в відэа, рэкламны пост, промакод.
- Бартэр – атрыманы тавар замест грошай таксама лічыцца даходам па рынкавым кошце.
Не мае значэння, на які рахунак прыйшлі грошы – польскі банк, Revolut, Paysera, PayPal або іншы электронны кашалёк. Падатковы абавязак узнікае ў момант атрымання даходу, незалежна ад таго, дзе ён захоўваецца.
Як дэклараваць: тры сцэнары
Сцэнар А – «іншыя крыніцы» (inne źródła)
Калі блогерства для цябе хобі – дзейнасць нерэгулярная, без рэкламных кантрактаў і арганізаванай структуры – даходы адносяцца да катэгорыі «іншых крыніц» (inne źródła). Гэта найпрасцейшы варыянт: ніякай рэгістрацыі, ніякіх дадатковых дазволаў, ніякага ZUS. Проста паказваеш даходы ў гадавой дэкларацыі.
- Дэкларацыя: PIT-36, раздзел inne źródła
- Стаўка: 12% да 120 000 зл даходу за год, 32% вышэй (skala podatkowa)
- Штомесячныя залічкі не патрабуюцца, разлічваешся раз на год
- Тэрмін: да 30 красавіка наступнага года (за 2026 г. – до 30.04.2027)
- Трэба весці простую эвідэнцыю: дата, сума, крыніца кожнага паступлення
Калі публікацыі становяцца рэгулярнымі, з’яўляюцца рэкламныя здзелкі і стабільны даход – ужонд скарбовы можа прызнаць дзейнасць гаспадарчай. У гэтым выпадку ўзнікае абавязак рэгістрацыі.
Сцэнар Б – działalność nierejestrowana
Калі дзейнасць больш-менш рэгулярная, але яшчэ невялікая па аб’ёме – гэты рэжым дазваляе працаваць без рэгістрацыі ў CEIDG і без узносаў ZUS.
- Ліміт у 2026 г.: не больш за 10 813,50 зл у квартал (225% мінімальнай зарплаты; з 1 студзеня 2026 г. лічыцца кварталамі – крыніца: podatki.gov.pl)
- Без рэгістрацыі ў CEIDG і без узносаў ZUS
- Дэкларацыя: PIT-36, радок «działalność nierejestrowana» (арт. 20 уст. 1ba закона аб PIT)
- Трэба весці спрошчаную эвідэнцыю прыходаў і выдаткаў
- Пры перавышэнні ліміту – абавязковая рэгістрацыя JDG цягам 7 дзён
Важна! З 1 чэрвеня 2025 г. іншаземцы (у т.л. беларусы) могуць весці działalność nierejestrowaną толькі пры наяўнасці тытулу пабыту, які дазваляе рэгістрацыю гаспадарчай дзейнасці. Гэта карта сталага побыту, карта доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, Niebieska Karta UE, карта часовага побыту на падставе міжнароднай/дадатковай абароны і некаторыя іншыя, але не звычайная часовая карта пабыту па працы.
Сцэнар В – JDG (Jednoosobowa Działalność Gospodarcza)
Калі дзейнасць рэгулярная, арганізаваная і прыносіць стабільны даход – гэта прадпрымальніцтва. Рэгістрацыя ў CEIDG абавязковая.
- Абавязковыя ўзносы ZUS, у т.л. медыцынскае страхаванне
- Можна адлічваць выдаткі на дзейнасць: абсталяванне, мікрафон, камера, ліцэнзіі на праграмы, інтэрнэт, арэнда студыі
- Выбар формы падаткаабкладання: скала (12/32%), лінейны падатак 19% (PIT-36L), рычалт (ryczałt)
Практычны прыклад
Насця жыве ў Варшаве і вядзе відэаблог пра штучны інтэлект і новыя тэхналогіі на YouTube – для душы, не як асноўная праца. Штомесяц атрымлівае ад AdSense каля 800 зл і яшчэ 300–400 зл ананімных данатаў са стрымаў. Грошы прыходзяць на Revolut. Рэкламных здзелак няма.
- Дзейнасць нерэгулярная і без арганізаванай структуры – сцэнар А (inne źródła)
- Рахунак Revolut не мяняе нічога – даход ёсць, значыць трэба дэклараваць
- Вядзе простую табліцу: дата, сума ад AdSense, сума данатаў
- Падатак: 12% ад даходу звыш квоты, вольнай ад падатку (30 000 зл у год – крыніца: podatki.gov.pl)
- Дэкларуе ў PIT-36 да 30 красавіка наступнага года
Карысныя крыніцы
- podatki.gov.pl – афіцыйная інфармацыя пра działalność nierejestrowaną і PIT-36
- Interpretacja KIS ад 09.05.2024, сігн. 0111-KDIB2-2.4015.34.2024.3.MM – пазіцыя KIS па данатах
- biznes.gov.pl – умовы działalności nierejestrowanej
Станам на чэрвень 2026 г.
Матэрыял мае азнаямленчы характар і не з’яўляецца індывідуальнай падатковай кансультацыяй. У канкрэтнай сітуацыі звяртайцеся да бухгалтара або падатковага дарадцы.

