У Кіеве прэзентавалі вынікі даследавання “Індэкс беларуска-украінскіх стасункаў”
Прэзентацыя даследавання адбылася ў пятніцу, 1 лістапада, у офісе Рады знешняй палітыкі “Украінская прызма”. Для тых, хто не змог патрапіць на імпрэзу, прэзентацыя транслявалася на YouTube-канале Free Belarus Center.
У падзеі ўзялі ўдзел Яўген Магда (украінскі палітолаг, дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі), Андрэй Ягораў (беларускі палітолаг) і Яраслаў Чарнагор (кандыдат навук, дырэктар Праграмы расійскіх і беларускіх студыяў Рады знешняй палітыкі “Украінская прызма”). Мадэратарам выступіў Уладзімір Кільдзій (кіраўнік праектаў, Прадстаўніцтва “Фонду Фрыдрыха Наўмана за Свабоду” ва Украіне).
Нагадаем, даследаванне было праведзена сумесна групай беларускіх і ўкраінскіх экспертаў і экспертак пры падтрымцы Free Belarus Center і Фонду Фрыдрыха Наўмана.
Гэта першая спроба даць комплексную ацэнку сучаснага стану двухбаковых адносінаў паміж Беларуссю і Украінай, а ў далейшым сачыць за дынамікай гэтых стасункаў. Нягледзячы на вайну і разрыў паміж афіцыйнымі Кіевам і Мінскам, грамадзянская супольнасць, экспертнае асяроддзе і дэмакратычна арыентаваныя палітыкі працягваюць узаемадзейнічаць, што спрыяе паглыбленню сувязяў паміж нашымі краінамі.
У даследаванні дэталёва прааналізаваны ключавыя сферы супрацоўніцтва: палітыка, бяспека, эканоміка, культура і адносіны паміж грамадствамі. Падчас прэзентацыі арганізатары падзеляцца вынікамі ацэнак і абмяркуюць магчымыя шляхі ўмацавання двухбаковых сувязяў, якія будуць карысныя як украінскаму, так і беларускаму бакам, зацікаўленым у пабудове дэмакратычнага і стабільнага рэгіёну.