Як зрабіць анлайн-дэйтынг больш бяспечнымі: парады з лічбавай бяспекі і псіхалогіі
За апошні год мы бачылі некалькі гучных публічных скандалаў, у тым ліку звязаных з парушэннем прафесійнай этыкі ў адносінах паміж тымі, хто аказвае дапамогу, і тымі, хто яе атрымлівае. Паралельна ўзмацнілася і іншая рызыка: спецслужбы могуць выкарыстоўваць анлайн-дэйцінг і сумежныя з’явы як інструмент для вербоўкі, збору інфармацыі, ціску і шантажу — асабліва ў дачыненні да актывістаў_ак і людзей з уразлівымі статусамі. Менавіта таму мы падрыхтавалі гэты матэрыял: каб дапамагчы своечасова заўважаць «чырвоныя сцягі», выбудоўваць межы, не паддавацца на маніпуляцыі і паклапаціцца пра лічбавую і псіхалагічную бяспеку ў анлайн-знаёмствах.
Мы пдрыхтавалі гэты артыкул з дапамогай матэрыялаў ініцыятывы КіберБабёр.

Псіхатэрапеўтка Марта Скугарава:
Некаторыя мадэлі паводзінаў настолькі часта сустракаюцца ў адносінах, асабліва ў тых, што пачынаюцца ў дадатках для знаёмстваў, што з цягам часу атрымалі ўласныя назвы. Гэтыя тэрміны апісваюць паўтаральныя спосабы ўзаемадзеяння, якія могуць істотна ўплываць на эмацыянальны стан удзельнікаў кантакту. Адны з іх звязаныя з нядбайным і безадказным стаўленнем да блізкасці, іншыя — з карыслівым або маніпулятыўным выкарыстаннем кантакту.
Гостынг (ghosting, ад англ. ghost — «прывід») — раптоўнае спыненне зносін без тлумачэнняў: чалавек перастае адказваць на паведамленні і знікае з кантакту, не праясняючы прычын. Псіхалагічна гостынг актывуе трывогу прывязанасці і стан незавершанага кантакту, правакуе самаабвінавачанне і сумневы ва ўласнай каштоўнасці («са мной нешта не так»), узмацняе фантазіраванне і румінацыі — зацыкленыя спробы знайсці тлумачэнне таму, што адбываецца. Важна прызнаць, што гостынг — гэта форма пазбягання і непаважлівага абрыву кантакту, адказнасць за які найперш ляжыць на іншым чалавеку і не з’яўляецца паказчыкам вашай каштоўнасці. Карысна не дадумваць тлумачэнні за партнёра, дапамагаць сабе ўнутрана завяршаць кантакт і абмяжоўваць паўторныя спробы «дагрукацца», каб не ўзмацняць залежнасць і ўнутранае напружанне.
Лаўбомбінг (ад англ. love bombing — «бамбардзіроўка каханнем») — празмерная ўвага, багацце кампліментаў, хуткія прызнанні і абяцанні блізкасці на самым раннім этапе зносін. Гэта хутка фармуе эмацыянальную залежнасць за кошт інтэнсіўнасці кантакту, абмінае этап паступовага пазнавання і выбудоўвання межаў, ствараючы ілюзію глыбокай блізкасці, і нярэдка змяняецца рэзкім зніжэннем цікавасці, абясцэньваннем або знікненнем партнёра. У адказ на гэта важна свядома запавольваць тэмп, вяртацца да рэальнасці і фактаў, а не толькі да эмацыянальнага ўздыму, глядзець, якімі дзеяннямі пацвярджаюцца словы, і правяраць, ці ёсць месца вашым межам і вашаму тэмпу збліжэння.
Хуверынг (hoovering, ад англ. hoover — «пыласос») — спробы «ўцягнуць назад» у кантакт пасля разрыву або знікнення: раптоўныя паведамленні, прабачэнні, намёкі на пачуцці або апеляцыя да мінулай блізкасці. Гэта вяртае надзею і раней сфармаваную прывязанасць, звычайна не суправаджаецца рэальнымі зменамі ў паводзінах, выклікае супярэчлівыя пачуцці і падтрымлівае паўтаральны цыкл «хуткае збліжэнне — рэзкае аддаленне». Тут важна абапірацца не на словы, а на мінулыя мадэлі ўзаемадзеяння, выразна адсочваць, што змянілася па факце, і пры неабходнасці абмяжоўваць кантакт, умацоўваючы сваё рашэнне праз знешнюю апору.
Калі казаць пра такія спробы зноў уцягнуць у адносіны ўвогуле, то на практыцы гэта рэдка выглядае як нешта адкрыта жорсткае або пужлівае. Часцей гэта набор вельмі «звычайных» дзеянняў: нейтральныя паведамленні пасля паўзы («прывітанне, проста вырашыў даведацца, як ты», «даўно не размаўлялі, успомніў пра цябе»), раптоўныя праявы клопату («перажываю, як ты там», «падумаў, што табе цяпер можа быць няпроста»), акуратныя напаміны пра сябе праз значныя даты («не мог не напісаць у твой дзень нараджэння», «сёння ўспомніў, як мы тады…»). Выкарыстоўваюцца нагоды, якія складана адразу палічыць маніпуляцыяй: прапанова дапамогі («калі што, я побач», «магу заехаць і дапамагчы»), пытанні пра здароўе, працу, блізкіх. Ключавы момант у тым, што мэта тут не размова як такая, а аднаўленне кантакту і эмацыянальнай уключанасці.
Усе гэтыя словы і дзеянні працуюць на адно — размыць межы, аслабіць апору на ўласны досвед і ўцягнуць назад у звыклы цыкл. Жанчыны часцей застаюцца ў кантакце праз сацыяльныя ўстаноўкі пра неабходнасць быць адкрытай, ветлівай і эмпатычнай, з-за чаго ўзнікае адчуванне, што «трэба адказаць» і «нязручна ігнараваць», нават калі ўжо ідзе гаворка пра самазахаванне. Мужчыны нярэдка ўцягваюцца праз ілюзію кантролю і рацыянальнасці («я проста пагавару», «я трымаю сітуацыю»), а таксама праз страх выглядаць слабым або тым, хто прайграў. Выхад з гэтага пачынаецца з перагляду гэтых міфаў: ветлівасць не роўная даступнасці, эмпатыя не абавязвае да дыялогу, а даць шанс іншаму — не ваш маральны абавязак. Маўчанне, блакіроўка або кароткая адмова без тлумачэнняў могуць быць вашым спосабам абараніць межы, а віна, якая ўзнікае, часцей звязаная не з рэальнай шкодай іншаму, а з канфліктам паміж уласнымі адчуваннямі і навязанымі чаканнямі.
Шмат у чым распаўсюджанасці гэтых патэрнаў спрыяе само асяроддзе дэйтынгу, якое стварае эфект сацыяльнай беспакаранасці: кантакты не пацверджаныя супольнасцю, людзі не ўбудаваныя ў агульнае кола, а значыць, знікненні, маніпуляцыі і рэзкія вяртанні амаль не ўплываюць на рэпутацыю. У спалучэнні з высокай зменлівасцю кантактаў, ілюзіяй бясконцага выбару і дэфіцытам навыкаў эмацыянальнай адказнасці гэта робіць такія формы ўзаемадзеяння не выключэннем, а звыклым спосабам абыходзіцца з блізкасцю і трывогай.
Пры гэтым у кожнага з нас застаецца зона рэальнага ўплыву праз уласную яснасць, уважлівасць да межаў, адмову ўдзельнічаць у непаважлівых сцэнарах і гатоўнасць завяршаць кантакт, які прычыняе шкоду.

Парады па лічбавай бяспецы:
Пільнуйма свае асабістыя дадзеныя
А менавіта: ваша поўнае імя, адрас месца жыхарства і працы, нумар мабільнага тэлефона, месцы, дзе часта бываеце. Не пішыце поўнае імя ў дадзеных профіля, а тэлефон і сацсеткі раім даваць толькі тым, з кім вы ўжо пазнаёміліся асабіста і хочаце сустрэцца зноў.
Ствараем другі акаўнт
Часта людзі просяць перайсці ў Тэлеграм для зручнасці перапіскі — для такіх мэтаў можна зрабіць сабе асобны акаўнт. Пераканайцеся, што на ім стаяць налады бяспекі, двухфактарная аўтэнтыфікацыя, адключаная магчымасць аб перасылаць вашы паведамленні і не відаць ваша фота на аватарцы, а ў профілі няма інфармацыі, якая ідэнтыфікуе вас.
Выключаем кэтфішынг
Калі ў чалавека ў профілі выключна сэлфі або студыйныя фота, паспрабуйце ўбіць іх у пошук па малюнку ў Google, каб упэўніцца, што гэта рэальная асоба і выключыць магчымасць кэтфішынгу — стварэння зламыснікамі падробленай асобы у сацсетцы або ў платворме для знаёмстваў з мэтай махлярства, падману, атрымання канфідэнцыйнай інфармацыі або інтымнага кантэнту для далейшага шантажу. Можна прасіць запісаць галасавыя або «кружочкі». Са свайго боку вы можаце зрабіць іх самазнішчальнымі (у Telegram).
Шарым геалакацыю сябрам
Парада, добра вядомы большасці дзяўчат: ідучы на спатканне, асабліва з незнаёмцам з прыкладанняў, перадайце вядомую пра іх інфармацыю, фота і спасылкі на іх профілі сябрам, а таксама пашарце ім вашу геалакацыю на час спаткання. Напішыце, калі дойдзеце дадому, што вы ў бяспецы. Пры неабходнасці дамоўцеся, што сябры будуць тэлефанаваць ці пісаць вам раз у гадзіну, каб пераканацца, што вы ў парадку. Можна нават дамовіцца аб кодавым слове
Парады ад кіберсталкінгу і непажаданых сэксуалізаваных фота
Кіберсталкінг — гэта выкарыстанне інтэрнэту для пераследу або дамаганняў чалавека. Нажаль, гэта шырока распаўсюджанае злачынства. Часцей за ўсё кіберсталкеры адсочваюць месцазнаходжанне і дзеянні ахвяр у віртуальным і рэальным свеце, ставяць GPS-прылады на машыны ахвяр, шпіёнскае праграмнае забеспячэнне (ПЗ) на іх смартфоны, дакучліва сочаць за іх перасоўваннямі праз сацсеткі. Злачынцы могуць адпраўляць паведамленні з пагрозамі, узламваць пошту і перапісвацца з кантактамі ахвяры (а сярод іх могуць быць сябры, сваякі, калегі), падрабляць фатаграфіі і відэа, распаўсюджваць плёткі ці ілжывыя абвінавачванні, публікаваць інтымныя фота і відэа.
Што раіць КіберБабёр?
- Пераканайцеся ў надзейнасці сваіх пароляў і наяўнасці двухфактарнай аўтэнтыфікацыі ў сацсетках, праверце актыўныя сэсіі ва ўсіх сацсетках і спыніце незнаёмыя. Можна таксама стварыць асобную электронную пошту для сацсетак. І не пакідайце свае дэвайсы без нагляду: усталяваць шпіёнскае ПЗ — справа пары хвілін.
- Загуліце свае імя і прозвішча, каб даведацца, якую інфармацыю пра вас кіберсталкер можа здабыць у сеціве. Дзе магчыма, выдаліце гэтыя дадзеныя, пры неабходнасці звязаўшыся з адміністратарамі сайтаў.
- Паспрабуйце высветліць, колькі звестак пра вас можа сабраць зламыснік, атрымаўшы доступ да старонак вашых сяброў і сваякоў. Напрыклад, у якім месцы вы часта бываеце, хто ходзіць туды з вамі ці дзе і з кім вы плануеце правесці наступныя вакацыі.
- Пакапайцеся ў сваіх наладах прыватнасці, абмяжуйце доступ да сваіх старонак у сацсетках ды пераканайцеся, што вашыя публікацыі могуць бачыць толькі сябры ці знаёмыя.
- Не дазваляйце сайтам адлюстроўваць ваш хатні адрас і тэлефон, не пішыце іх у адкрытых публікацыях, не ўказвайце ў сацсетках сваё сапраўднае імя і пол, а таксама сваю дату нараджэння і іншыя дадзеныя, калі гэтыя палі неабавязковыя для запаўнення.
- Праверце свае наладкі канфідэнцыйнасці і абмежуйце, хто можа вам пісаць. Для гэтага перайдзіцеі ў Налады → Канфідэнцыяльнасць і бяспека і праверце, хто можа пісаць вам паведамленні, дадаваць вас у групы, бачыць ваш нумар тэлефона. У некаторых сацсетках можна забараніць усім незнаёмцам пісаць вам ці абмежавацца дазволам на перапіску для сяброў.
- Уключыце функцыю «Абарона ад выяваў аголенага цела» у Instagram: Instagram будзе аўтаматычна размываць выявы, атрыманыя ў асабістыя паведамленні, але гэта не працуе на кампутарах і ў вэб-браўзэрах. Каб уключыць гэтую функцыю, зайдзіце ў налады акаўнта і ў раздзеле «Узаемадзеянне з вамі» націсніце «Паведамленні і адказы на гісторыі». Перайдзіце ў «Абарона ад малюнкаў аголенага цела» і актывуйце кнопку «Абарона ад выяваў аголенага цела».
- Калі вам трэба будзе пажаліцца за неадэкватныя паводзіны на чалавека ў Instagram, Telegram ці ў паліцыю, на ўсялякі выпадак зрабіце скрыншоты профіля, паведамленняў і даты. У многіх краінах (у тым ліку Літве, Польшчы, Германіі і інш.) няпрошаныя дыкпікі — гэта сэксуалізаванае дамаганне, за якія можна атрымаць штраф або крымінальнае пакаранне.

